Роберт ван Гулік — нідэрландскі пісьменнік і ўсходазнаўца, найбольш вядомы дзякуючы цыклу твораў пра суддзю Дзі.
Суддзя Дзі — гістарычная асоба. Яго поўнае імя — Дзі Жэньцзэ, і жыў ён у 630—700 гг. н. э. У пазнейшы перыяд сваёй кар’еры ён зрабіўся дзяржаўным міністрам, і яго мудрыя суджэнні станоўча ўплывалі на ўнутраную і замежную палітыку імперыі Тан. Аднак яго імя дагэтуль жыве ў Кітаі пераважна дзякуючы расследаванню злачынстваў, з якімі ён сутыкнуўся падчас службы акруговым суддзём. У Кітаі ён лічыцца вялікім дэтэктывам і мае не меншую папулярнасць, чым у нас — Шэрлак Холмс.
Хаця ўсе гісторыі з гэтага зборніка цалкам выдуманыя, я выкарыстаў некаторыя звесткі са старадаўніх кітайскіх дэтэктыўных твораў і асабліва з дапаможніка па юрыспрудэнцыі і вядзенні расследавання, напісанага ў трынаццатым стагоддзі. Дзесяць гадоў таму я апублікаваў свой пераклад гэтай працы на англійскую мову (1956). Апошні дыялог з апавядання “Забойства на лотасавым ставе” мне падказалі занатаваныя ў гэтай кнізе Справы 33А і В, а спосаб узважвання саркафагаў, апісаны ў “Імператарскіх трунах”, — заўвага да Справы 35В. Мадэль гадзінніка-курыльніцы ў “Пяці шчаслівых аблоках” я пазычыў з тэматычнага выдання 1878 года — дарэчы, адтуль жа я ўзяў план лабірынта, які з’яўляецца ў рамане “Забойства ў кітайскім лабірынце”.
Варта звярнуць увагу, што ў Кітаі прозвішча папярэднічае імені, а таксама што ў часы суддзі Дзі кітайцы не насілі тонкіх касічак — гэтая традыцыя была навязаная ім у 1644 годзе маньчжурскімі заваёўнікамі. Мужчыны завязвалі доўгія валасы ў вузел на макаўцы і насілі шапкі як у памяшканнях, так і па-за імі. Таксама ў тыя часы яны не курылі — тытунь і опій з’явіліся ў Кітаі на шмат стагоддзяў пазней.
Reviews
There are no reviews yet.