“Трэці Эдэм” Валянціны Аксак. Гэта самая распусная кніга — скажа каторы чытач. І слушна. А іншы запярэчыць, што самая цнатлівая. І будзе мець рацыю. Межы раю і пекла рухомыя і яны пралягаюць праз усе дзевяноста вершаў дзявятай кнігі Валянціны Аксак. У яе “Трэцім Эдэме” гібее разбэшчанасьць першага, сохне пыхлівасьць другога, набухаюць бутоны ўсёдаравальнага новага.
Прызнаюся вам, што ніколі ніякай працы, так бы мовіць, над словам у мяне не было і няма. Больш за тое, калі ў дачыненьні да вершаскладаньня я чую з вуснаў аўтара слова «праца», то мне адразу робіцца нецікавым вынік гэтай, даруйце, працы. Для мяне ўсё, што зьвязана са словам, гэта — здарэньне, якое можа засьцігнуць, як гром зь яснага неба. Вось нешта такое раптам пачынае ціхенька трымцець асобнымі гукамі, а далей аднекуль выплываюць словы, прысуседжваюцца ў фразы, і мне застаецца толькі запісаць іх. Калі, вядома, у той момант ёсьць чым і на чым гэта зрабіць. Так што ніякага выбару лексыкі — толькі гукаслоўная стыхія. Адкуль яна — ня ведаю.
Я хачу аднавіць і захаваць іхныя спаконвечныя беларускія назвы. Шпажнікі, гашты, капрыфолі, мігдалы, канваліі, мушкаты, жанкілі, жылістэкі, божае дрэўца… Безьліч гэтых назоваў, народжаных у садах засьцянковае шляхты, сёньня невядомыя нават добрым знаўцам роднае мовы.
Але гэтая лінгвістычная прычына ў маім вершаскладаньні ўсё ж падпарадкаваная другой, мэтафарычнай, у Арыстотэлеўскім значэньні гэтага тэрміну. Свой закрыты ўнутраны сьвет мне хочацца выказаць праз мову барваў і відарысаў вонкавага буяньня адкрытага наўкольнага шматквецьця. Іншая гаворка — наколькі гэта мне ўдаецца і наколькі разумеецца чытачом.
Reviews
There are no reviews yet.