Вербніца : паэзія, проза, публіцыстыка / Антаніна Хатэнка
Антаніна Хатэнка – паэтка, этнакультуролаг, публіцыст
Нарадзілася 28 красавіка 1956 году на Зэльвеншчыне Гродзенскай вобласці. Расла на хутары з незвычайнай назвай Ліберполь у Ружанскай пушчы, куды бацьку закінуў лёс на працу дырэктарам невялічкай пачатковай школы. Навучалася ў Лыскаўскай, Ружанскай сярэдніх школах, Пружанскай школе-інтэрнаце на Берасцейшчыне.
Закончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру Інстытуту этнаграфіі, фальклору і мастацтвазнаўства АН БССР. Працавала ў выдавецтве “Народная асвета”, Беларускім фондзе культуры, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, на Белдзяржтэлерадыё, на радыё Рацыя і радыё Свабода.
Выдала кнігу паэтычнай публіцыстыкі “Зніч крыжовых дарог” (Мінск, 1992); кнігу-паэму “Здзічэлае рэха вясны” (Кліўленд, ЗША, 1999); зборнік вершаў “Тры грацыі” (супольна з Нінай Мацяш і Аўгінняй Кавалюк) – Санкт-Пецярбург, 2002. Аўтар даследчых нарысаў па народнай культуры беларусаў “Чалавек у далонях Сусвету”, друкаваных напрыканцы 2000-х у часопісе “Роднае слова”.
Творы паслядоўна публікуюцца ў перыядычных выданнях Беларусі: ЛіМ, “Маладосць”, “Звязда”, “Полымя”, “Крыніца”, “Дзеяслоў”, “Новы час”, “Верасень” ды іншых.
* * *
Я не прыйду — каб табе было светла.
He пазваню — каб спакойна было.
Я расхіну над усім белым светам
незапытанай пяшчоты крыло.
Я не скажу аніводнага слова,
не прычакаўшы твае далані.
Дзякуй, што ты ад маркоты зімовай
моўчкі здалёку мяне засланіў.
Некалі нас на Радзіме не стане,
Сыдуцца хісткія ў плыні кругі.
Дзякуй спатканню і дзякуй расстанню.
Дзякуй, што недзе ты ёсць, дарагі.
Я не паклічу — баюся параніць.
Сонцам дарогу тваю бласлаўлю.
Можа, настане прычаснае ранне…
Можа, мы вернемся ў злюб на зямлю…
Reviews
There are no reviews yet.