Змест

1. Уводзіны
2. Юрыдычная сіла і прыняцце ўмоў
3. Рэгістрацыя і абавязкі карыстальнікаў
4. Паслугі платформы
5. Афармленне замоў і плацяжы
6. Дастаўка і выкананне замоў
7. Права на адмову і вяртанні
8. Забароненыя тавары і абмежаванні
9. Ранжыраванне, рэклама і рэкамендацыі
10. Змесціва і інтэлектуальная ўласнасць
11. Абмежаванне адказнасці і гарантыі
12. Вырашэнне спрэчак
13. Скасаванне дамовы і спыненне выкарыстання
14. Змяненне ўмоў выкарыстання
15. Дастасавальнае права і юрысдыкцыя
16. Паўната пагаднення
17. Раздзяляльнасць палажэнняў
18. Перадача правоў і адмова ад правоў
19. Мова пагаднення
20. Электронныя зносіны
21. Кантактная інфармацыя

1. Уводзіны

Гэтыя Умовы выкарыстання (далей — «Умовы») рэгулююць выкарыстанне сайта www.kamarouka.com і ўсіх звязаных з ім паслуг, якія аказваюцца індывідуальным прадпрымальнікам Zmicier Zavadski, зарэгістраваным па адрасе: Bevingsweg 2, 51109 Кёльн, Германія (далей — «Kamarouka»).
Kamarouka — гэта онлайн-маркетплэйс, які спецыялізуецца на таварах з беларускай мовай і сэнсамі, а таксама на таварах, створаных беларускімі майстрамі і прыватнымі прадпрыемствамі, зарэгістраванымі як у Беларусі, так і за яе межамі.
Умовы дастасоўваюцца да ўсіх карыстальнікаў сайта www.kamarouka.com, у тым ліку наведвальнікаў, пакупнікоў і прадаўцоў (далей — «Карыстальнікі»). «Прадавец» азначае карыстальніка, які прапануе тавары для продажу на платформе Kamarouka. Для прадаўцоў дзейнічаюць дадатковыя ўмовы, выкладзеныя ў дакуменце Правілы для прадаўцоў.
Выкарыстанне нашага сайта таксама рэгулюецца Заявай аб прыватнасці і Палітыкай у дачыненні файлаў cookie. Калі ласка, азнаёмцеся з гэтымі дакументамі, каб зразумець, як мы збіраем, выкарыстоўваем і абараняем вашу персанальную інфармацыю.

2. Юрыдычная сіла і прыняцце ўмоў

Умовы ўяўляюць сабой юрыдычна абавязваючае пагадненне паміж вамі і Kamarouka. Яны рэгулююць доступ і карыстанне вамі нашым сайтам і паслугамі.
Доступ да сайта www.kamarouka.com, яго прагляд або карыстанне любымі паслугамі азначае вашу поўную і безумоўную згоду з Умовамі. Калі вы ня згодныя з якімі-небудзь палажэннямі Умоў, калі ласка, устрымайцеся ад выкарыстання нашага сайта і паслуг.

3. Рэгістрацыя і абавязкі карыстальнікаў

3.1 Патрабаванні да ўзросту

Карыстанне нашым сайтам і паслугамі дазволена толькі асобам, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і валодаюць поўнай дзеяздольнасцю для заключэння юрыдычна абавязваючых пагадненняў. Рэгіструючыся на платформе або выкарыстоўваючы яе, вы пацвярджаеце, што вам споўнілася 18 гадоў. Калі стане вядома, што конт належыць непаўналетняй асобе, мы пакідаем за сабой права заблакаваць або выдаліць такі конт.

3.2 Рэгістрацыя конта

Вы можаце праглядаць наш сайт і купляць тавары ў рэжыме госця без рэгістрацыі конта. Для доступу да дадатковых функцый нашага сайта вы можаце зарэгістраваць свой персанальны конт на www.kamarouka.com. Рэгістрацыя конта з'яўляецца бясплатнай.
Пры афармленні замоў у госцевым рэжыме або пры рэгістрацыі вы абавязаны падаць дакладную, актуальную і поўную інфармацыю пра сябе, у тым ліку поўнае імя, дзейны адрас электроннай пошты і, пры неабходнасці, дадатковую інфармацыю.

3.3 Бяспека конта і адказнасць за дзеянні

Вы несяце адказнасць за захаванне канфідэнцыяльнасці вашага пароля і ўліковых звестак, а таксама за ўсе дзеянні, здзейсненыя пад вашым контам. Вы абавязваецеся:

  • Не раскрываць свой пароль трэцім асобам.
  • Не даваць доступ да вашага конта іншым асобам.
  • Забяспечваць абароненасць і бяспеку вашай прылады і аглядальніка.

У выпадку неўпаўнаважанага доступу або выкарыстання вашага конта вы абавязваецеся неадкладна апавясціць нашу службу падтрымкі (гл. раздзел 21). Kamarouka не нясе адказнасці за страты або шкоду, якія ўзніклі з прычыны неўпаўнаважанага выкарыстання вашага конта, калі такое выкарыстанне не адбылося па нашай віне.

3.4 Агульныя абавязкі карыстальнікаў

Карыстаючыся нашым сайтам і паслугамі, вы абавязваецеся:

  1. Выконваць заканадаўства і Умовы, а таксама іншыя палітыкі Kamarouka.
  2. Падаваць дакладную і актуальную інфармацыю пры рэгістрацыі і выкарыстанні сайта, своечасова абнаўляць звесткі ў конце.
  3. Не выкарыстоўваць конт у незаконных мэтах або для садзейнічання ім.
  4. Не прадстаўляцца або дзейнічаць ад імя іншай асобы або арганізацыі без іх згоды.
  5. Не перадаваць або прадаваць свой конт трэцім асобам.
  6. Не ствараць больш аднаго конта без відавочнай неабходнасці і нашай згоды.
  7. Не парушаць функцыянаванне платформы і не ствараць непрапарцыйна вялікую нагрузку на нашы сістэмы. Забараняецца выкарыстоўваць аўтаматызаваныя сродкі доступу да сайту (боты, сцэнары) без нашага дазволу.
  8. Не выбіраць непрымальнае імя карыстальніка. Ваша імя карыстальніка не павінна парушаць правы трэціх асоб або змяшчаць абразлівыя выразы.
  9. Не адпраўляць спам, непажаданыя або ашуканскія паведамленні іншым карыстальнікам, у тым ліку камерцыйныя прапановы і рэкламу.
  10. Не парушаць бяспеку платформы і не распачынаць дзеянні, якія могуць яе парушыць, у тым ліку спробы атрымаць неўпаўнаважаны доступ, абыход тэхнічных сродкаў абароны або выкарыстанне шкоднага кода (вірусаў, траянаў, чарвякоў і г.д.).
  11. Не збіраць, не выкарыстоўваць і не перадаваць персанальныя звесткі іншых карыстальнікаў без іх выразнай згоды.
  12. Не публікаваць спасылкі на вонкавыя сайты без нашага дазволу.
  13. Не прапаноўваць або прымаць аплату па-за платформай.
  14. Не абмяркоўваць умовы ўгоды па-за платформай.
  15. Выконваць патрабаванні да карыстальніцкага змесціва (гл. раздзел 10).

4. Паслугі платформы

Kamarouka прапануе онлайн-платформу на сайце www.kamarouka.com, якая дазваляе карыстальнікам купляць тавары, прапанаваныя рознымі прадаўцамі, у тым ліку Kamarouka. Мы даем тэхнічную інфраструктуру і сэрвісы для размяшчэння тавараў, апрацоўкі замоў і забеспячэння ўзаемадзеяння паміж пакупнікамі і прадаўцамі. Купляючы тавары праз наш сайт, вы заключаеце дамову куплі-продажу непасрэдна з адпаведным прадаўцом.

5. Афармленне замоў і плацяжы

5.1 Афармленне замовы

Пры афармленні замовы на нашым сайце вы абавязваецеся падаць дакладную і актуальную інфармацыю, неабходную для апрацоўкі замовы, у тым ліку адрас, кантактныя звесткі і абраны спосаб аплаты. Пасля размяшчэння замовы вы атрымаеце пацвярджэнне па электроннай пошце, якое змяшчае дэталі вашай замовы.

5.2 Заключэнне дамовы куплі-продажу

Ваша замова з'яўляецца прапановай заключыць дамову куплі-продажу з адпаведным прадаўцом. Пасля размяшчэння замовы вы атрымаеце электронны ліст з пацвярджэннем атрымання замовы, якое пацвярджае факт яго атрымання, але не з'яўляецца прыняццем вашай прапановы.
Дамова куплі-продажу лічыцца заключанай у момант адпраўкі вам апавяшчэння пра тое, што тавар адпраўлены (пацвярджэнне адпраўкі). Калі ваша замова змяшчае ў сабе некалькі тавараў, дамова заключаецца ў дачыненні да кожнага тавару асобна ў момант адпраўкі адпаведнага апавяшчэння пра яго адпраўку.
Да атрымання апавяшчэння пра адпраўку вы можаце скасаваць сваю замову без якіх-небудзь наступстваў. Пасля адпраўкі тавару, скасаванне замовы магчымая ў адпаведнасці з раздзелам 7.

5.3 Спосабы аплаты

Мы прапануем розныя спосабы аплаты, даступныя ў залежнасці ад вашага месцазнаходжання, абранай валюты, налад прадаўца і іншых фактараў. Даступныя спосабы аплаты могуць ўключаць:

  • Банкаўскія карты (крэдытныя і дэбетавыя).
  • Банкаўскія пераводы.
  • Google Pay.
  • Apple Pay.
  • iDeal.
  • Іншыя метады, прапанаваныя ў залежнасці ад абставін.
5.4 Апрацоўка плацяжоў і бяспеку

Усе плацяжы апрацоўваюцца праз плацежную сістэму Stripe, якая забяспечвае высокі ўзровень бяспекі і адпаведнасць міжнародным стандартам абароны звестак (PCI DSS). Мы прыкладаем усе намаганні для забеспячэння бяспекі вашых плацежных звестак.

5.5 Цэны і падаткі

Цэны на тавары пазначаны на старонках тавараў і ўключаюць падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ), калі іншае не пазначана выразна. Кошт дастаўкі і ПДВ разлічваюцца падчас афармлення замовы на аснове абранага вамі адраса дастаўкі і спосабу дастаўкі.
Звярніце ўвагу, што мытныя зборы, імпартныя падаткі і іншыя дадатковыя зборы не ўключаны ў цану тавару або кошт дастаўкі і могуць спаганяцца пры дастаўцы ў залежнасці ад заканадаўства вашай краіны. Гэтыя дадатковыя выдаткі не падлягаюць кантролю з боку Kamarouka або прадаўцоў і аплачваюцца вамі самастойна.

5.6. Памылкі ў цэнах і інфармацыі пра тавары

Нягледзячы на ўсе нашы намаганні па забеспячэнні дакладнасці інфармацыі на нашым сайце, магчыма, што некаторыя тавары могуць быць няправільна ацэненыя або ўтрымліваць памылкі ў апісанні. Калі мы выявім памылку ў цане або апісанні тавару, мы звяжамся з вамі да адпраўкі замовы для пацвярджэння або скасавання замовы. У выпадку скасавання замовы вы атрымаеце поўнае вяртанне выплачаных сродкаў.

6. Дастаўка і выкананне замоў

6.1 Адказнасць за дастаўку

Прадаўцы нясуць адказнасць за адпраўку і дастаўку тавараў у адпаведнасці з вызначанымі на старонцы тавару ўмовамі. Kamarouka не дае ўласную службу дастаўкі. Інфармацыя пра даступныя спосабы дастаўкі, меркаваныя тэрміны і кошты даецца на старонцы тавару і падчас афармлення замовы.
Тэрміны дастаўкі могуць вар’іравацца ў залежнасці ад месцазнаходжання прадаўца і пакупніка, выбранага спосабу дастаўкі і наяўнасці тавару. Прадаўцы абавязаны адправіць тавар у тэрміны, пададзены пададзеныя ў апісанні тавару або ў палітыцы дастаўкі, і падаць інфармацыю для адсочвання, калі гэта дастасавальна.

6.2 Адсочванне замовы і праблемы з дастаўкай

Пасля адпраўкі замовы, прадавец або Kamarouka пададуць вам інфармацыю для адсочвання, калі яна даступная. Вы можаце выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для маніторынгу статусу дастаўкі вашай замовы.
Калі тавар не быў дастаўлены ў вызначаныя тэрміны або ўзніклі іншыя праблемы з дастаўкай, калі ласка, звяжыцеся з прадаўцом або службай падтрымкі Kamarouka для вырашэння пытання.

6.3 Рызыка страты або пашкоджання тавару

Рызыка страты або пашкоджання тавару пераходзіць да вас з моманту, калі вы або зазначаная вамі трэцяя асоба, акрамя дастаўніка, фізічна атрымаеце тавар у валоданне, калі іншае не прадугледжана адпаведным заканадаўствам. У выпадку атрымання пашкоджанага тавару вы павінны неадкладна апавясціць пра гэта дастаўніка і прадаўца, а таксама задакументаваць пашкоджанні.

6.4 Затрымкі і немагчымасць дастаўкі па віне пакупніка

Калі дастаўка тавару немагчымая па прычынах, якія залежаць ад вас (напрыклад, няправільны адрас, адсутнасць атрымальніка па дадзеным адрасе), вы несяце адказнасць за дадатковыя выдаткі, звязаныя з паўторнай дастаўкай або вяртаннем тавару. Калі ласка, пераканайцеся, што вы падалі дакладную і поўную інфармацыю для дастаўкі.

7. Права на адмову і вяртанні

7.1 Працэдура вяртання тавараў

Кожны прадавец на нашай платформе можа ўсталёўваць уласныя правілы вяртання тавараў, вызначаныя ва ўмовах яго крамы або на старонцы тавару. Ня ўсе прадаўцы прымаюць вяртанні. Калі ласка, азнаёмцеся з палітыкай вяртання канкрэтнага прадаўца перад купляннем.
Калі вы жадаеце вярнуць тавар, вы можаце скарыстацца адпаведнымі функцыямі ў сваім конце, звязацца з прадаўцом праз сістэму паведамленняў на нашай платформе або па кантактных звестках, пададзеных на старонцы прадаўца.
Калі ў вас узнікаюць цяжкасці з вяртаннем або сувяззю з прадаўцом, звяжыцеся з нашай службай падтрымкі для атрымання дапамогі.

7.2 Права на адмову для спажыўцоў з Еўрапейскага Саюза і Вялікабрытаніі

Калі вы жывяце ў Еўрапейскім Саюзе або Вялікабрытаніі, вы маеце права адмовіцца ад купленага тавару на працягу 14 дзен з моманту атрымання тавару без тлумачэння прычын. Гэтае права рэгулюецца заканадаўствам ЕС пра правы спажыўцоў.
Каб скарыстацца правам на адмову, вы павінны паведаміць прадаўцу пра сваё рашэнне з дапамогай выразнай заявы (напрыклад, эл. ліст). Вы можаце выкарыстоўваць стандартны ўзор формы адмовы, аднак гэта не абавязкова.

Наступствы адмовы: У выпадку адмовы ад дамовы прадавец абавязаны вярнуць усе атрыманыя ад вас плацяжы, у тым ліку кошт дастаўкі (за выключэннем дадатковых выдаткаў з-за выбару вамі спосабу дастаўкі, адрознага ад стандартнага). Вяртанне сродкаў выконваецца без неабгрунтаваных затрымак, не пазней за 14 дзён з моманту атрымання паведамлення пра вашу адмову.
Вы абавязаны вярнуць тавар прадаўцу без неабгрунтаваных затрымак, не пазней за 14 дзён з дня паведамлення прадаўцу пра сваю адмову. Вы несяце прамыя выдаткі па вяртанні тавару, калі прадавец не пагадзіўся іх пакрыць.

Гэта права не распаўсюджваецца на некаторыя тавары, у тым ліку:

  • Тавары, вырабленыя па вашым спецыфікацыям або відавочна персаналізаваныя.
  • Тавары, якія могуць хутка сапсавацца або тэрмін прыдатнасці якіх хутка скончыцца.
  • Тавары, якія не падыходзяць для вяртання па меркаваннях аховы здароўя або гігіены і былі распакаваныя пасля дастаўкі.
  • Тавары, якія пасля дастаўкі па сваёй прыродзе неразрыўна змешваюцца з іншымі таварамі.
  • Аўдыё- або відэазапісы або апраграмаванне ў запячатанай запакоўцы, калі былі распакаваныя пасля дастаўкі.
  • Газеты, перыядычныя выданні або часопісы, за выключэннем дамоў на падпіску.
  • Алкагольныя напоі, цана якіх была ўзгоднена пры заключэнні дамовы куплі-продажу, але якія могуць быць пастаўлены толькі па заканчэнні 30 дзён і кошт якіх залежыць ад ваганняў рынку.
  • Лічбавае змесціва, якое не пастаўляецца на матэрыяльным носьбіце, калі выкананне пачалося з вашай папярэдняй згоды і прызнання страты права на адмову.

8. Забароненыя тавары і абмежаванні

8.1 Спецыялізацыя платформы

Kamarouka — гэта онлайн-маркетплэйс, прызначаны для тавараў з беларускай мовай, сімволікай або значэннямі, а таксама для тавараў, створаных беларускімі прыватнымі асобамі і прыватнымі прадпрыемствамі, зарэгістраванымі як у Беларусі, так і за яе межамі. Таму тавары, прапанаваныя прадаўцамі, павінны адпавядаць прынамсі аднаму з наступных крытэрыяў:

  • Зроблены беларускімі майстрамі або прыватнымі кампаніямі.
  • Змяшчаюць беларускую мову (напрыклад, назва, апісанне, інструкцыі і кіраўніцтва, інтэрфейс, убудаваныя надпісы, паведамленні і інш.).
  • Звязаныя з беларускай тэматыкай, змяшчаюць беларускую сімволіку або культурныя элементы.
  • Адлюстроўваюць беларускія традыцыі, мастацтва або спадчыну.
  • Садзейнічаюць падтрымцы і развіццю беларускай культуры і супольнасці.
  • Выраблены з выкарыстаннем матэрыялаў або рэсурсаў з Беларусі.

Kamarouka можа запатрабаваць, каб прадаваныя на платформе тавары адпавядалі больш чым аднаму з пералічаных крытэрыяў.
Kamarouka пакідае за сабой права адмовіць у размяшчэнні тавару для продажу, калі ён не адпавядае вызначаным патрабаванням. Нават пры адпаведнасці крытэрыям няма гарантыі, што тавар будзе ўхвалены для продажу на платформе.
Kamarouka можа выдаліць тавар з каталога, калі пазней стане вядома, што ён не адпавядае спецыялізацыі платформы або супярэчыць яе прынцыпам.

8.2 Забароненыя тавары і паслугі

Забаронена прапаноўваць да продажу або купляння тавары і паслугі, якія:

  1. Не адпавядаюць тэматыцы платформы.
  2. Парушаюць заканадаўства:
    • Тавары, забароненыя законамі Германіі, Еўрапейскага Саюза або міжнароднымі нормамі.
    • Тавары, вытворчасць або продаж якіх забароненыя санкцыямі ЕС, ЗША або іншых міжнародных арганізацый.
  3. Парушаюць правы трэціх асоб:
    • Падробкі брэндавых тавараў.
    • Неліцэнзаванае апраграмаванне.
    • Копіі твораў без згоды праваўладальніка.
  4. Супярэчаць нормам маралі і этыкі:
    • Матэрыялы, якія прапагандуюць гвалт, дыскрымінацыю, расавую або рэлігійную нянавісць.
    • Дзіцячая парнаграфія і матэрыялы сэксуальнага характару з удзелам непаўналетніх.
    • Тавары з забароненай сімволікай (напрыклад, нацысцкай або камуністычнай).
  5. Уяўляюць пагрозу бяспецы:
    • Наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.
    • Зброя, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы і іх кампаненты.
    • Тавары, якія ўяўляюць пагрозу жыццю, здароўю або бяспецы без адпаведных сертыфікатаў і папярэджанняў.
8.3 Адказнасць карыстальнікаў

Усе карыстальнікі абавязаны выконваць дадзеныя абмежаванні. У выпадку парушэння Kamarouka пакідае за сабой права:

  • Выдаліць або заблакаваць адпаведнае змесціва або тавар.
  • Прыпыніць або выдаліць конт парушальніка.
  • Ужыць іншыя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам і гэтымі Умовамі.
8.4 Паведамленне пра парушэнні

Калі вы знайшлі тавар, які парушае дадзеныя Умовы, калі ласка, паведаміце нам праз убудаваныя функцыі на сайце або звязаўшыся з нашай службай падтрымкі.

9. Ранжыраванне, рэклама і рэкамендацыі

9.1 Ранжыраванне тавараў на платформе

Мы імкнёмся прапаноўваць карыстальнікам найбольш рэлевантныя і якасныя тавары. Парадак адлюстравання тавараў у выніках пошуку і катэгорыях вызначаецца з улікам розных фактараў:

  • Рэлевантнасць пошуку: адпаведнасць тавару ўведзеным карыстальнікам пошукавым запытам, у тым ліку супадзенне ключавых слоў у назве, апісанні, цэтліках і катэгорыях.
  • Якасць тавару: ацэнка тавару на аснове водгукаў пакупнікоў, ацэнках, якасці выяў і паўнаты інфармацыі пра тавары.
  • Папулярнасць тавару: актыўнасць тавару, у тым ліку колькасць праглядаў, даданняў ва ўпадабанае і здзейсненых пакупак.
  • Наяўнасць тавару: даступнасць тавару на складзе і своечасовасць абнаўлення інфармацыі пра наяўнасць.
  • Гісторыя прадаўца: рэпутацыя прадаўца, заснаваная на водгуках, ацэнках і прытрымліванні правіл платформы.
  • Цана тавару.

Гэтыя фактары ў сукупнасці вызначаюць пазіцыю тавару ў выніках пошуку. Мы не ўжываем алгарытмы персаналізацыі, заснаваныя на паводзінах канкрэтнага карыстальніка; ўсе карыстальнікі бачаць аднолькавыя вынікі пры аднолькавых запытах і фільтрах.

9.2 Рэклама і платнае прасоўванне

Прадаўцы маюць магчымасць выкарыстоўваць платныя паслугі для прасоўвання сваіх тавараў на платформе. Гэта можа ўключаць:

  • Платнае прасоўванне ў выніках пошуку: тавары, якія прасоўваюцца на платнай аснове, могуць адлюстроўвацца вышэй у выніках пошуку і на старонках з рознымі таварамі.
  • Рэкламныя банеры: прадаўцы могуць размяшчаць рэкламу на банерах галоўнай старонкі і іншых раздзелаў платформы за асобную плату. Такія рэкламныя матэрыялы будуць выразна пазначаныя як рэкламныя.
9.3 Рэкамендацыі тавараў

На платформе могуць адлюстроўвацца рэкамендацыі тавараў, заснаваныя на агульных тэндэнцыях і папулярнасці тавараў сярод усіх карыстальнікаў:

  • Папулярныя тавары: тавары, якія часцей за ўсё праглядаюцца або купляюцца на платформе.
  • Навінкі: нядаўна дададзеныя тавары на платформе.
  • Падобныя тавары: на старонках тавараў мы можам прапаноўваць тавары, падобныя па характарыстыках, катэгорыі або іншых параметрах.
  • Звязаныя тавары: мы можам рэкамендаваць тавары, якія часта купляюцца разам або могуць быць карысныя ў спалучэнні з таварам, які праглядаеце.

10. Змесціва і інтэлектуальная ўласнасць

10.1 Размяшчэнне карыстальніцкага змесціва

Платформа Kamarouka дае карыстальнікам магчымасць размяшчаць змесціва, у тым ліку водгукі, ацэнкі, каментары, пытанні, фотаздымкі і іншыя матэрыялы (далей — «Карыстальніцкае змесціва»). Публікуючы змесціва, вы згаджаецеся выконваць Умовы і гарантуеце яго адпаведнасць патрабаванням.

10.2 Патрабаванні да карыстальніцкага змесціва

Вы абавязваецеся не размяшчаць змесціва, якое:

  • Парушае заканадаўства або правы трэціх асоб, у тым ліку інтэлектуальную ўласнасць і права на недатыкальнасць прыватнага жыцця.
  • Змяшчае абразлівыя, непрыстойныя, паклёпніцкія, дыскрымінацыйныя або іншыя непрымальныя матэрыялы.
  • Змяшчае ілжывыя або падманныя звесткі.
  • Змяшчае рэкламныя матэрыялы, спам або непажаданыя камерцыйныя прапановы без выразнай папярэдняй згоды атрымальніка.
  • Змяшчае вірусы, шкодныя праграмы і іншыя шкодныя кодавыя фрагменты.
  • Размешчана за ўзнагароджанне або з абяцаннем узнагароды ад трэціх асоб без адпаведнага раскрыцця такой інфармацыі.
  • Змяшчае персанальную інфармацыю іншых асоб без іх відавочнай згоды.
  • Змяшчае спасылкі або інфармацыю пра іншыя рэсурсы без нашага дазволу.
  • Прапагандуе палітычныя або рэлігійныя погляды, не звязаныя непасрэдна з таварам або паслугай, які абмяркоўваецца.
  • Атрымана з парушэннем заканадаўства або правоў трэціх асоб.
  • Парушае Заяву аб прыватнасці або іншыя палітыкі Kamarouka.
10.3 Ацэнкі і водгукі

Пасля завяршэння ўгоды пакупнікі могуць пакінуць водгук і ацаніць якасць тавараў і абслугоўвання прадаўца. Сістэма ацэнак і водгукаў прызначана для павышэння даверу паміж карыстальнікамі і паляпшэння якасці абслугоўвання.
Карыстальнікі абавязаны даваць праўдзівыя і аб'ектыўныя водгукі, заснаваныя на ўласным досведзе. Водгукі павінны датычыцца непасрэдна ўгоды і яе выканання. Забараняецца:

  • Пакідаць водгукі пра сябе або прасіць трэціх асоб пакінуць ілжывыя водгукі.
  • Маніпуляваць сістэмай ацэнак, у тым ліку прапановай кампенсацыі за змяненне або выдаленне водгуку.
  • Пагражаць пакінуць адмоўны водгук з мэтай прымусіць іншы бок да пэўных дзеянняў.
10.4 Права на карыстальніцкае змесціва і ліцэнзія

Вы захоўваеце ўсе правы ўласнасці на сваё карыстальніцкае змесціва. Размяшчаючы змесціва на платформе, вы даяце нам і трэцім асобам невыключную, сусветную, бестэрміновую, бязвыплатную, перадаваемую і субліцэнзуемую ліцэнзію на выкарыстанне, прайграванне, змяненне, адаптацыю, публікацыю, пераклад, стварэнне вытворных работ, распаўсюджванне і дэманстрацыю вашага змесціва па ўсім свеце ў любым фармаце і па любых каналах. Гэта неабходна для забеспячэння паслуг і прасоўвання платформы.

10.5 Правы Kamarouka на змесціва сайта

Усе матэрыялы на сайце Kamarouka, у тым ліку тэксты, выявы, графіка, лагатыпы, значкі, аўдыё- і відэакліпы, апраграмаванне і іншыя элементы змесціва (далей — «Змесціва сайта»), з'яўляюцца ўласнасцю Kamarouka, яе ліцэнзіяраў або дастаўнікаў змесціва і абаронены законамі аб аўтарскім праве і іншымі законамі аб інтэлектуальнай уласнасці.

10.6 Абмежаванні выкарыстання змесціва сайта

Вы можаце выкарыстоўваць Змесціва сайта толькі ў персанальных некамерцыйных мэтах. Забараняецца без папярэдняй згоды Kamarouka капіяваць, прайграваць, распаўсюджваць, публікаваць або ствараць вытворныя працы на аснове Змесціва сайта і выкарыстоўваць Змесціва сайта ў камерцыйных мэтах.

10.7 Адказнасць за Карыстальніцкае змесціва і парушэнне правоў

Вы несяце поўную адказнасць за сваё Карыстальніцкае змесціва і гарантуеце наяўнасць усіх неабходных правоў і дазволаў для яго размяшчэння. Парушэнне правоў інтэлектуальнай уласнасці можа пацягнуць за сабой грамадзянскую, адміністрацыйную або крымінальную адказнасць. Вы абавязваецеся пакрыць страты і абараніць Kamarouka ад любых прэтэнзій, патрабаванняў, страт або выдаткаў, у тым ліку разумныя ганарары адвакатаў, якія ўзніклі ў выніку або ў сувязі з вашым змесцівам. Да карыстальнікаў, якія парушаюць правы, могуць быць ужыты санкцыі, у тым ліку пазбаўленне доступу да платформы.

10.8 Працэдура паведамлення пра парушэнні

Калі вы лічыце, што змесціва парушае вашы правы або гэтыя Умовы, паведаміце нам праз убудаваныя функцыі на сайце або звяжыцеся з нашай службай падтрымкі. Мы разгледзім ваша паведамленне і зробім неабходныя захады.

10.9 Мадэрацыя і выдаленне карыстальніцкага змесціва

Kamarouka пакідае за сабой права, але не абавязваецца, пераглядаць, кантраляваць, выдаляць або змяняць любое Карыстальніцкае змесціва па сваім меркаванні без папярэдняга апавяшчэння. Вы можаце звязацца з намі для абмеркавання дадзенага рашэння або абскарджання.

11. Абмежаванне адказнасці і гарантыі

11.1 Выкарыстанне платформы «як ёсць»

Платформа Kamarouka і ўсе паслугі даюцца на ўмовах «як ёсць» і «паводле наяўнасці». Мы не даем ніякіх гарантый, меркаваных або пэўных, у дачыненні да працы сайта, яго зместу, функцыянальнасці або даступнасці.

11.2 Роля платформы Kamarouka

Kamarouka дае тэхнічную платформу, якая дазваляе прадаўцам і пакупнікам узаемадзейнічаць адзін з адным. Мы не з'яўляемся бокам ва ўгодах паміж карыстальнікамі (за выключэннем выпадкаў, калі Kamarouka выразна пазначана як прадавец тавару) і не нясем адказнасці за дзеянні, бяздзейнасць, тавары або паслугі прадаўцоў.

11.3 Адмова ад гарантый па таварах і паслугах

Kamarouka не вырабляе, не захоўвае і не правярае тавары, якія прапануюць прадаўцы на нашай платформе. Мы не даем ніякіх гарантый, меркаваных або пэўных, у дачыненні да якасці, бяспекі, законнасці або адпаведнасці тавараў вашым чаканням. Любыя прэтэнзіі, звязаныя з набытымі таварамі ці паслугамі, у тым ліку дэфекты, неадпаведнасць апісанню або прычыненне шкоды, павінны быць накіраваны непасрэдна прадаўцу.

11.4 Абмежаванне адказнасці

У максімальна дапушчальнай законам ступені, Kamarouka не нясе адказнасці за любыя прамыя, ускосныя, выпадковыя, асаблівыя або наступныя страты, у тым ліку страчаную выгаду, страту звестак або маральную шкоду, якія з'яўляюцца ў выніку выкарыстання або немагчымасці выкарыстання сайта або паслуг, а таксама з прычыны абставін непераадольнай сілы, такіх як стыхійныя бедствы, дзеянні дзяржаўных органаў, перабоі ў працы інтэрнэту або электраэнергіі, тэхнічныя збоі, пажары, паводкі, эпідэміі або іншыя падзеі, якія знаходзяцца па-за нашым разумным кантролем.
Мы не нясем адказнасці за дзеянні або бяздзеянне іншых карыстальнікаў, а таксама за Карыстальніцкае змесціва, размешчанае на платформе.

11.5 Тэхнічныя збоі і бяспека

Kamarouka не гарантуе, што сайт будзе працаваць без перабояў, памылак або што дэфекты будуць выпраўленыя своечасова.
Мы не гарантуем, што сайт і серверы свабодныя ад вірусаў або іншых шкодных кампанентаў. Карыстальнікі нясуць адказнасць за забеспячэнне бяспекі сваіх прылад і звестак.

11.6 Аўтаматычнае стварэнне фактураў і дакументаў

Kamarouka не гарантуе, што прапанаваныя тэхнічныя паслугі, такія як аўтаматычнае стварэнне фактур і накладных, будуць заўсёды даступныя або свабодныя ад памылак. Kamarouka прыкладае намаганні для карэктнага стварэння фактур і накладных, аднак карыстальнік (у тым ліку прадавец) нясе поўную адказнасць за дакладнасць і актуальнасць інфармацыі, пададзенай для стварэння дакументаў. Гэта ўключае, але не абмяжоўваецца, звесткамі пра тавары, цэны, падатковыя стаўкі і рэквізіты. Карыстальнік абавязаны правяраць створаныя дакументы на прадмет карэктнасці і пры неабходнасці самастойна рабіць або запытваць выпраўленні.

11.7 Выключэнні з абмежаванняў

Нішто ва Умовах не выключае і не абмяжоўвае адказнасць Kamarouka ў выпадках, калі такое абмежаванне або выключэнне забаронена дастасавальным заканадаўствам, у тым ліку адказнасць за наўмысныя дзеянні, грубую неасцярожнасць або прычыненне шкоды жыццю і здароўю.

12. Вырашэнне спрэчак

Kamarouka імкнецца забяспечыць высокі ўзровень абслугоўвання і задаволенасці карыстальнікаў. У выпадку ўзнікнення спрэчкі з іншым карыстальнікам (напрыклад, паміж пакупніком і прадаўцом), мы рэкамендуем спачатку паспрабаваць вырашыць яе наўпрост з іншы бокам, выкарыстоўваючы даступныя на платформе сродкі зносін.
Калі спрэчку не ўдаецца вырашыць самастойна, вы можаце звярнуцца ў нашу службу падтрымкі. Мы пастараемся дапамагчы і прапанаваць магчымыя варыянты вырашэння праблемы. Аднак Kamarouka не з'яўляецца бокам ва ўгодах паміж карыстальнікамі і не абавязана ўдзельнічаць у вырашэнні спрэчак паміж імі. Мы можам па сваім меркаванні аказаць дапамогу ў якасці пасярэдніка для садзейнічання ў дасягненні ўзаемапрымальнага рашэння.
Вы вызваляеце Kamarouka ад любых прэтэнзій, патрабаванняў і страт, якія ўзнікаюць у выніку спрэчак з іншымі карыстальнікамі або трэцімі асобамі.
Калі спрэчку немагчыма вырашыць шляхам перамоў або з дапамогай Kamarouka, вы маеце права звярнуцца да альтэрнатыўных метадаў вырашэння спрэчак або ў суд у адпаведнасці з раздзелам 15 гэтых Умоў.

13. Скасаванне дамовы і спыненне выкарыстання

Вы маеце права ў любы час скасаваць дамову з Kamarouka, выдаліўшы свой конт. Для гэтага вы можаце скарыстацца адпаведнай функцыяй у сваім конце або звязацца з нашай службай падтрымкі. Пасля выдалення конта мы апрацуем вашы персанальныя звесткі ў адпаведнасці з нашай Заявай аб прыватнасці і патрабаваннямі заканадаўства.
Мы пакідаем за сабой права прыпыніць або выдаліць ваш конт у выпадку парушэння вамі гэтых Умоў, заканадаўства або на іншых законных падставах. Мы можам зрабіць гэта без папярэдняга апавяшчэння, калі гэта неабходна для забеспячэння бяспекі платформы, прадухілення махлярства або іншых незаконных дзеянняў. Мы пастараемся паведаміць вам пра прыпыненне або выдаленне вашага конта і зазначыць прычыны такіх дзеянняў, аднак мы не абавязаныя рабіць гэта ў кожным выпадку.
Пасля скасавання дамовы ваш доступ да паслуг платформы будзе спынены. Вы можаце страціць доступ да інфармацыі, звязанай з вашым контам, у тым ліку звесткі профілю, гісторыю замоў і паведамленні. Скасаванне дамовы не вызваляе вас ад абавязкаў па ўжо заключаных угодах або па аплаце камісій і збораў, якія ўзніклі да даты скасавання.

14. Змяненне ўмоў выкарыстання

Kamarouka пакідае за сабой права змяняць і дапаўняць гэтыя Умовы. Мы паведамім вам пра змяненні не менш чым за 15 дзён да іх уступлення ў сілу праз электронную пошту або апавяшчэнні на нашым сайце.
Калі вы ня згодныя са змяненнямі, вы можаце запярэчыць, даслаўшы нам апавяшчэнне. Калі вы не пярэчыце супраць змяненняў да даты іх уступлення ў сілу, лічыцца, што вы прынялі. У выпадку пярэчання мы можам спыніць аказанне вам паслуг і выдаліць ваш конт.

15. Дастасавальнае права і юрысдыкцыя

15.1 Дастасавальнае права

Гэтыя Умовы і любыя спрэчкі або прэтэнзіі, якія ўзнікаюць з іх або ў сувязі з імі, рэгулююцца і тлумачацца ў адпаведнасці з заканадаўствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія, за выключэннем калізійных нормаў і палажэнняў Канвенцыі ААН аб дамовах міжнароднай куплі-продажу тавараў.

15.2 Юрысдыкцыя

15.2.1 Спажыўцы
Калі вы з'яўляецеся спажыўцом з пастаянным месцам жыхарства ў Еўрапейскім Саюзе, вы таксама карыстаецеся абаронай абавязковых палажэнняў заканадаўства краіны вашага пражывання. Вы можаце прад'явіць пазоў, звязаны з Умовамі, у судах Германіі або ў судах краіны вашага пражывання.
15.2.2 Прадпрымальнікі
Калі вы з'яўляецеся прадпрымальнікам, юрыдычнай асобай публічнага права або публічна-прававым спецыяльным фондам, усе спрэчкі, якія ўзнікаюць у сувязі з гэтымі Умовамі, падлягаюць выключнай юрысдыкцыі судоў па месцы рэгістрацыі Kamarouka (Кёльн, Германія).

15.3 Онлайн-вырашэнне спрэчак (для карыстальнікаў з ЕС)

У адпаведнасці з Рэгламентам ЕС № 524/2013 мы паведамляем карыстальнікам з Еўрапейскага Саюза пра магчымасць выкарыстання платформы Еўрапейскай Камісіі для онлайн-вырашэння спрэчак (ODR). Платформа даступна па адрасе: Online Dispute Resolution | European Commission.
Калі ласка, звярніце ўвагу, што мы аддаем перавагу вырашаць вашы пытанні наўпрост. Калі ў вас з'явіліся праблемы або скаргі, калі ласка, звяжыцеся з нашай службай падтрымкі, і мы пастараемся дапамагчы вам у самыя кароткія тэрміны.

15.4 Адмова ад удзелу ў працэдурах вырашэння спрэчак

Kamarouka не абавязана і не мае намеру ўдзельнічаць у працэдурах вырашэння спрэчак у органах па ўрэгуляванні спажывецкіх спрэчак.

16. Паўната пагаднення

Гэтыя Умовы, разам з нашай Заявай аб прыватнасці, Палітыкай у дачыненні файлаў cookie, Правіламі для прадаўцоў і іншымі дакументамі, на якія ёсць спасылкі ў гэтых Умовах, складаюць поўнае пагадненне паміж вамі і Kamarouka ў дачыненні да выкарыстання сайта і паслуг. Яны замяняюць сабой усе папярэднія пагадненні, дамоўленасці і зносіны, як пісьмовыя, так і вусныя, якія датычацца прадмета гэтых Умоў.

17. Раздзяляльнасць палажэнняў

Калі якое-небудзь палажэнне Умоў будзе прызнанае несапраўдным, незаконным або не маючым законнай сілы ў адпаведнасці з дастасавальным заканадаўствам, гэта не ўплывае на сапраўднасць і законную сілу астатніх палажэнняў. Несапраўднае або не маючае законнай сілы палажэнне лічыцца замененым сапраўдным і юрыдычна абавязваючым палажэннем, якое максімальна адпавядае першапачатковаму намеру бакоў і эканамічнаму сэнсу несапраўднага палажэння.

18. Перадача правоў і адмова ад правоў

18.1 Перадача правоў і абавязкаў

Вы не маеце права перадаваць або саступаць свае правы і абавязкі па гэтых Умовах без папярэдняй пісьмовай згоды Kamarouka. Любая спроба такой перадачы або саступкі без згоды будзе несапраўднай. Kamarouka мае права перадаваць або саступаць свае правы і абавязкі па гэтых Умовах цалкам або часткова без вашай згоды, у тым ліку ў выпадку зліцця, набыцця або продажу актываў.

18.2 Адмова ад правоў

Невыкарыстанне або затрымка ў выкарыстанні намі якога-небудзь права або палажэння Умоў не азначае адмову ад такога права або палажэння. Любая адмова ад права або палажэння будзе сапраўднай толькі ў тым выпадку, калі яна аформлена ў пісьмовай форме і падпісана ўпаўнаважаным прадстаўніком Kamarouka. Аднаразовая адмова ад якога-небудзь права або палажэння не азначае адмовы ў будучыні або адмовы ад любога іншага права або палажэння.

19. Мова пагаднення

Гэтыя Умовы выкарыстання даступныя на беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах. У выпадку разыходжанняў паміж рознымі моўнымі версіямі, прыярытэт мае версія на беларускай мове. Мы рэкамендуем вам азнаёміцца з версіяй на мове, якую вы добра разумееце.

20. Электронныя зносіны

Выкарыстоўваючы гэты сайт або маючы зносіны з намі з дапамогай электронных сродкаў, вы згаджаецеся і пацвярджаеце, што мы можам звязвацца з вамі ў электронным выглядзе на нашым сайце або адпраўляючы вам электронны ліст. Вы таксама згаджаецеся, што ўсе пагадненні, апавяшчэнні, раскрыццё інфармацыі і іншыя віды зносін, якія мы даем вам у электронным выглядзе, задавальняюць усе юрыдычныя патрабаванні, уключаючы, але не абмяжоўваючыся патрабаванне пра тое, што такія зносіны павінны быць у пісьмовай форме.

21. Кантактная інфармацыя

Калі ў вас з'явіліся пытанні, прапановы, альбо вы жадаеце паведаміць пра праблему, калі ласка, звяжыцеся з нашай службай падтрымкі любым зручным для вас спосабам:
Індывідуальны прадпрымальнік Zmicier Zavadski

  • Адрас: Bevingsweg 2, 51109 Кёльн, Германія
  • Электронная пошта: info@kamarouka.com
  • Тэлефон: +49 1523 4655017
  • Нумар ПДВ (USt-IdNr): DE369649786

Вы таксама можаце выкарыстоўваць нашу форму зваротнай сувязі для адпраўкі паведамленняў або запытаў. Наша служба падтрымкі стараецца адказваць на ўсе звароты на працягу 48 гадзін.



дзейнічаюць з 1 снежня 2024 года