Змест

1. Уводзіны
2. Рэгістрацыя і патрабаванні да прадаўцоў
3. Абавязкі прадаўцоў
4. Зборы і плацяжы

1. Уводзіны

Kamarouka — гэта маркетплэйс, дзе вы можаце прадаваць тавары з беларускай мовай, тэматыкай, створаныя беларускімі майстрамі і прыватнымі кампаніямі, пакупнікам па ўсім свеце. Мы імкнёмся забяспечыць станоўчы досвед як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. Правілы для прадаўцоў (далей — "Правілы") дапамогуць вам зразумець вашы правы і абавязкі пры выкарыстанні платформы.

Гэтыя Правілы з'яўляюцца дадаткам да Умоў выкарыстання платформы Kamarouka. Калі ласка, уважліва азнаёмцеся з імі, каб забяспечыць паспяховы і бяспечны гандаль на нашай платформе.

2. Рэгістрацыя і патрабаванні да прадаўцоў

2.1 Умовы рэгістрацыі

Прадаўцамі могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, якія знаходзяцца ў адной з наступных краін: Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія.

Для рэгістрацыі ў якасці прадаўца неабходна запоўніць адпаведную форму на сайце і падаць актуальную і дакладную інфармацыю пра сябе і свой бізнес, у тым ліку:

  • Для фізічных асоб:
    • Поўнае імя.
    • Адрас пражывання.
    • Нумар тэлефона.
    • Адрас электроннай пошты.
  • Для юрыдычных асоб:
    • Поўная назва кампаніі.
    • Адрас рэгістрацыі.
    • Рэгістрацыйны нумар кампаніі.
    • Падатковы ідэнтыфікацыйны нумар (напрыклад, ідэнтыфікацыйны нумар ПДВ).
    • Кантактныя звесткі адказнай асобы (поўнае імя, нумар тэлефона, адрас электроннай пошты).

Спраўджанне звестак: паколькі Kamarouka спецыялізуецца на таварах, вырабленых беларускімі майстрамі і кампаніямі, мы можам запатрабаваць дадатковыя дакументы: пасведчанне асобы, статутныя дакументы, дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне тавараў і інш.

Kamarouka пакідае за сабой права прыпыніць або спыніць доступ да платформы ў выпадку, калі прадавец падаў недакладную інфармацыю або не падаў запатрабаваныя дакументы.

2.2 Патрабаванні да тавараў і спецыялізацыя платформы

Тавары, прапанаваныя прадаўцамі, павінны адпавядаць спецыялізацыі платформы Kamarouka, як вызначана ў раздзеле 8.1 Умоў выкарыстання. Гэта азначае, што тавары павінны быць звязаныя з беларускай тэматыкай, змяшчаць беларускую мову, сімволіку або быць вырабленымі беларускімі майстрамі і прыватнымі кампаніямі.

Прадаўцам забаронена прапаноўваць тавары, вызначаныя ў раздзеле 8.2 Умоў выкарыстання. Калі ласка, азнаёмцеся з гэтым раздзелам, каб пераканацца, што вашы тавары адпавядаюць патрабаванням платформы.

3. Абавязкі прадаўцоў

3.1 Дакладныя апісанні і інфармацыя пра тавары

Прадаўцы абавязаны падаваць дакладныя, поўныя і праўдзівыя апісанні тавараў, у тым ліку характарыстыкі, матэрыялы, памеры, колер, паходжанне і іншыя істотныя дэталі.

  • Выкарыстоўвайце якасныя фотаздымкі тавараў, якія адпавядаюць рэальнаму выгляду тавару. Фотаздымкі не павінны ўтрымліваць вадзяных знакаў, лагатыпаў або тэксту, які не адносіцца да тавару.
  • Размяшчайце тавары ў адпаведных катэгорыях і выкарыстоўвайце карэктныя цэтлікі для палягчэння пошуку.
  • Апісанні тавараў павінны быць на беларускай мове. Тавары без апісання на беларускай мове не будуць апублікаваны на платформе. Для перакладу апісанняў на іншыя мовы звярніцеся ў службу падтрымкі Kamarouka.
3.2 Цэнаўтварэнне і падаткі
  • Паказвайце поўныя цэны тавараў, уключаючы ўсе дастасавальныя падаткі (напрыклад, ПДВ) і зборы, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
  • Выразна указвайце кошт дастаўкі або метады разліку кошту дастаўкі для розных рэгіёнаў.
  • Прадавец самастойна вызначае і выплачвае ўсе падаткі і зборы, звязаныя з продажам праз платформу Kamarouka, у адпаведнасці з дастасавальным заканадаўствам.
3.3 Дастаўка і выкананне замоў
  • Апрацоўвайце і адпраўляйце замовы ў тэрміны, пададзеныя ў апісанні тавару або ў палітыцы дастаўкі. Калі не пазначана іншае, рэкамендуецца адпраўляць замовы на працягу двух працоўных дзён пасля пацвярджэння аплаты.
  • Давайце пакупнікам інфармацыю пра статус замовы, уключаючы нумары для адсочвання, калі гэта дастасавальна.
  • Забяспечвайце належнае пакаванне тавараў для захаванасці пры транспарціроўцы і выконвайце патрабаванні да ўпакоўкі і маркіроўкі, прадугледжаныя заканадаўствам.
3.4 Апрацоўка вяртанняў і права на адмову
  • Усталёўвайце і відавочна падавайце ў сваёй краме палітыку вяртання і абмену тавараў, якая адпавядае дастасавальнаму заканадаўству.
  • Выконвайце правы пакупнікоў на адмову ад дамовы і вяртанне тавару ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕС і раздзелам 7 Умоў выкарыстання. Прадавец абавязаны інфармаваць пакупнікоў пра тое, хто нясе выдаткі па вяртанні тавару. Калі прадавец не інфармуе пакупніка пра тое, што пакупнік нясе выдаткі па вяртанні, то выдаткі нясе прадавец.
  • Своечасова апрацоўвайце вяртанні і забяспечвайце вяртанне сродкаў пакупнікам у адпаведнасці з палітыкай вяртання і заканадаўствам. Давайце пакупнікам інструкцыі па вяртанні тавару, у тым ліку адрас для вяртання і, пры неабходнасці, зваротную этыкетку.
3.5 Зносіны з пакупнікамі і службай падтрымкі
  • Своечасова адказвайце на запыты і паведамленні пакупнікоў, пераважна на працягу 48 гадзін.
  • Забяспечвайце высокі ўзровень кліенцкага абслугоўвання, ветліва і прафесійна размаўляйце з пакупнікамі.
  • Супрацоўнічайце са службай падтрымкі Kamarouka ў выпадку ўзнікнення спрэчак або праблем з замовамі.
  • Забараняецца выкарыстоўваць сістэму паведамленняў для адпраўкі непажаданай рэкламы, абраз, дыскрымінацыйных або незаконных паведамленняў.
3.6 Інфармаванне аб адсутнасці

Калі вы не будзеце мець доступу да платформы або магчымасці апрацоўваць замовы больш чым чатыры працоўныя дні (напрыклад, з-за адпачынку), вы абавязаны прыпыніць публікацыю сваіх тавараў або ўсталяваць адпаведныя паведамленні ў сваёй краме праз спецыяльны функцыянал сайта. Вы павінны забяспечыць, каб пакупнікі былі інфармаваныя пра магчымыя затрымкі ў апрацоўцы замоў.

4. Зборы і плацяжы

4.1 Агульныя палажэнні

Для апрацоўкі плацяжоў Kamarouka выкарыстоўвае плацежную сістэму Stripe. Рэгіструючыся на платформе, прадаўцы згаджаюцца з умовамі Stripe Connected Account Agreement і Stripe Services Agreement, якія могуць перыядычна абнаўляцца. Прадаўцы абавязваюцца падаваць поўную і праўдзівую інфармацыю пра сябе і свой бізнес, а таксама дазваляюць Kamarouka перадаваць гэтую інфармацыю і звесткі пра плацежныя аперацыі ў Stripe для апрацоўкі плацяжоў.

4.2 Камісіі і зборы

Kamarouka спаганяе камісію з кожнага продажу, здзейсненага праз платформу. Дзейныя стаўкі камісій пазначаны ў Тарыфах для прадаўцоў. Камісія аўтаматычна ўтрымліваецца з сумы продажу перад пералічэннем сродкаў прадаўцу.

Прадаўцы могуць набываць дадатковыя платныя паслугі, якія прапануе Kamarouka, для паляпшэння і пашырэння свайго бізнесу на платформе. Гэта могуць быць паслугі па прасоўванні тавараў на платформе, у тым ліку размяшчэнне рэкламных банераў і павышэнне бачнасці тавараў у выніках пошуку, і іншыя. Кошт дадатковых паслуг указваецца ў Тарыфах для прадаўцоў або пры выбары адпаведнай паслугі.

Калі дадатковая паслуга не была аплачана адразу, то рахункі выстаўляюцца 1-га дня кожнага месяца і даступныя ў персанальным конце прадаўца. Прадаўцы абавязаны аплаціць рахункі на працягу 15 дзён з моманту выстаўлення. Аплата ажыццяўляецца праз спосабы, пазначаныя платформай.

4.3 Умовы аплаты і выплаты

Сродкі за прададзеныя тавары, за вылікам усіх дастасавальных камісій і збораў, пералічваюцца на рахунак прадаўца ў Stripe пасля завяршэння замовы, гэта значыць пасля атрымання тавару пакупніком. Прадавец можа вывесці сродкі на свой банкаўскі рахунак у адпаведнасці з правіламі і ўмовамі Stripe.

Калі валюта плацяжу пакупніка адрозніваецца ад валюты рахунку прадаўца, Stripe можа спаганяць камісію за канверсаванне валюты. Гэтая камісія ўтрымліваецца з сумы продажу. Прадавец павінен азнаёміцца з умовамі Stripe у дачыненні да камісій за канверсаванне валюты.

Kamarouka можа затрымаць выплаты ў выпадках, калі пакупнік заявіў пра неатрыманне тавару або ўзнікла спрэчка паміж пакупніком і прадаўцом, а таксама калі ёсць падазрэнні ў парушэнні прадаўцом Правіл або Умоў выкарыстання. Калі ў прадаўца ўтварыўся адмоўны баланс (напрыклад, з-за вяртання сродкаў пакупніку), Kamarouka можа ўтрымаць адпаведную суму з будучых выплат або запатрабаваць кампенсацыю наўпрост.

4.4 Змяненне камісій і збораў

Kamarouka мае права змяняць стаўкі камісій і збораў. Пра ўсе змяненні прадаўцы будуць апавешчаны не пазней, чым за 15 дзён да ўступлення змяненняў у сілу. Апавяшчэнне пра змяненне камісій і збораў будзе накіравана прадаўцам праз сістэму апавяшчэнняў у панэлі кіравання або іншымі даступнымі спосабамі.

4.5 Забарона на абыход камісій

Прадаўцам забараняецца рабіць захады, накіраваныя на абыход сістэмы камісій і збораў платформы, уключаючы, але не абмяжоўваючыся:

  • Здзяйсненне здзелак з пакупнікамі па-за платформай пасля ўсталявання кантакту на Kamarouka.
  • Прапанова пакупнікам набыць тавары наўпрост, абыходзячы платформу.
  • Падаванне няправільнай інфармацыі пра кошт тавару з мэтай зніжэння сумы камісій.
4.6 Абавязкі па падатковай справаздачнасці

Прадавец самастойна нясе адказнасць за ўлік і выплату ўсіх падаткаў і збораў, звязаных з продажам праз платформу Kamarouka, у адпаведнасці з дастасавальным заканадаўствам.

Па запыце Kamarouka або Stripe, прадавец абавязаны падаць актуальную падатковую інфармацыю, у тым ліку падатковы ідэнтыфікацыйны нумар і пацвярджэнне месца знаходжання. Kamarouka можа затрымаць выплаты прадаўцу да атрымання неабходнай падатковай інфармацыі.



дзейнічаюць з 1 снежня 2024 года